ЛА́МБЕРТА ЗАКО́Н,
закон, паводле якога яркасць дыфузнай паверхні, што рассейвае святло, аднолькавая ва ўсіх напрамках. Сфармуляваны І.Г. Ламбертам (1760). З Л.з. вынікае, што сіла святла Ιφ, адбітага ці рассеянага ў напрамку, які ўтварае вугал φ з нармаллю да паверхні, звязана з сілай святла I0, адбітага ўздоўж нармалі, формулай Iφ=I0cosφ. Для паверхняў, якія падпарадкоўваюцца Л.з., паміж свяцільнасцю М і яркасцю L існуе сувязь: M=πL. Л.з. строга выконваецца толькі для абсалютна чорнага цела і прыблізна — для мутных асяроддзяў і моцна маціраваных паверхняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)